Народны каляндар



Святы і абрады здаўна прымяркоўваліся да пэўных каляндарных дат. Па сваім паходжанні і складзе яны з'яўляюцца полістадыяльнымі, таму ў іх прасочваюцца напластаванні розных эпох - ад самых архаічных да Новага часу. Сляды найстаражытнейшых культаў, якія звязаны з шанаваннем сонца, расліннасці, продкаў, захоўваліся ў перажытачным выглядзе ў шэрагу ўсходнеславянскіх абрадаў ажно да XX ст. Каляндарная абраднасць ва ўсходніх славян мела аграрна-магічны характар, таму што асноўнай яе функцыяй было забеспячэнне дабрабыту сялянскай сям'і, які залежаў у першую чаргу ад ураджаю.

У кожнага народа спрадвеку вёўся каляндар. З пакалення ў пакаленне ў ім перадаваліся веды, мудрасць, вопыт жыццёвых назіранняў. Такі каляндар мелі і продкі беларусаў. Абапіраючыся на бацькоўскія традыцыі і веру, людзі трымалі ў памяці шматлікія парады і забароны. Сяляне ведалі, калі можна было брацца за тую ці іншую працу, а калі, наадварот, адкласці яе, калі можна весяліцца, а калі ўстрымлівацца ад забаў.

Старажытныя славяне карысталіся язычніцкімі мерамі часу, у тым ліку і сонечна-месяцавым календаром. Земляробчыя святкаванні Новага года на старажытных беларускіх землях вядомы вясной, летам, восенню і зімой. Гэты дзень прыстасоўваўся звычайна да адпаведнага становішча свяціл на небе - сонца, месяца, асобных зорак. Такі дзень вызначалі "пасля поўні", як гаварылі ў народзе, у першы маладзік пасля веснавога раўнадзенства (20-21 сакавіка), летняга сонцастаяння (21-22 чэрвеня), асенняга раўнадзенства (22-23 верасня) і зімовага сонцастаяння (21-22 снежня).

Гісторыя змен у календары, асабліва тых, якія звязаны з перанясеннем святкавання Новага года, няпростая. З прыняццем хрысціянства славяне прынялі юліянскае летазлічэнне па візантыйскім ўзоры. Аднак Новы год пачыналі не з 1 верасня, як у Візантыі, і не з 1 студзеня, як у Рыме, а вясной - 1 сакавіка [1].

У беларускім народным календары адлюстраваліся светапогляд селяніна, яго глыбокае веданне прыроды і любоў да яе, цягавітасць да працы. Гэта адлюстравалася таксама ў назвах месяцаў календара. Для абазначэння другога месяца зімы (рускі "январь") у старабеларускай пісьменнасці выкарыстоўвалася назва "стычень". У гісторыі славян часам ён лічыўся і першым і пятым месяцам года [2].

Абрад здабывання жывога агню
Абрад здабывання "жывога" агню (паводле даных этнаграфіі)

Аднак у асноўным беларускія назвы месяцаў, якія за імі замацаваліся, адлюстроўваюць характэрныя асаблівасці сезонаў года. Беларуская назва "студзень" сведчыць пра яго характар: значыць, гэты месяц сцюдзёны, калі на зямлю прыходзяць халады. За студзень дзень павялічваецца на паўтары гадзіны.

Па народных прыкметах Год падзялялі на дзве роўныя часткі: адна пачыналася з 1 студзеня, другая - з 1 ліпеня. Надыходзіла ўрачыстае зімовае святкаванне, якое на працягу двух тыдняў (з 7 па 19 студзеня) ахоплівае некалькі свят і вядома ў народзе як Каляды. Абрады, гульні, песні нярэдка з дня ў дзень паўтараліся на працягу ўсіх Каляд.

Люты - месяц зімы, калі яна была ў самай сіле. "Пытаецца люты, ці добра ногі абуты", - гаварыла народная прыказка.

Сакавік - беларуская назва першага месяца вясны - паходзіць ад слова "сок". У гэтую пару ён пачынае цячы з дрэў. Спраўлялася Масленіца - свята заканчэння зімы. Апошні дзень масленічнага тыдня, дзень сустрэчы вясны (Гуканне вясны).

Красавік - другі месяц вясны. Беларуская назва паходзіць ад слова "красаваць", бо тады з'яўляюцца першыя краскі - Кветкі. У старажытнай літаратуры сустракаецца найменне "кветень". Спраўлялася старадаўняе свята Камаедзіца, калі заканчвалася спячка мядзведзя і ён выходзіў з бярлогі. Несумненна, свята бярэ пачатак ад язычніцкіх часоў і служыць пацвярджэннем, што ў дадзенай мясцовасці пакланяліся мядзведзю, каб задобрыць яго. На Камаедзіцу гатавалі і елі гарохавую кашу - так званыя камы (адсюль і назва). Вытокі свята звязаны са старажытнай формай рэлігіі - татэмізмам [3].

Вялікдзень (рус. Пасха) - вялікае гадавое веснавое свята, карані якога вядуць у глыбокую старажытнасць. Некалі ім адкрываўся новы каляндарны год. Пазней царква замацавала яго ў сваім "рухомым" велікодным календары

Сучаснай літаратурнай назве месяца "май" адпавядае старабеларуская форма "травень", якая паходзіць ад слова "трава", бо ў гэтым месяцы зямля пакрываецца зеленню. У пачатку траўня адзначаецца даўняе земляробчае свята першага выгану кароў - Юрый (Ягорый, Георгій). Юрый - апякун жывёлы і земляробства (у хрысціянскі перыяд замяніў Ярылу). У дзень Радаўніцы на могілках памінаюць памерлых.

Праводзіўся абрад выезду ў поле Ярылы. У поле выпраўляўся на белым кані малады прыгожы хлопец у белай вопратцы. Дзяўчаты вадзілі вакол яго карагоды і спявалі абрадавыя песні.

Чэрвень - пачатак лета. Назва яго тлумачыцца з'яўленнем чарвякоў, а таксама чырвоным колерам, які набываюць некаторыя ягады менавіта ў гэтую пару. У месяцы самы доўгі дзень года - 22 чэрвеня (працягваецца больш за 17 гадзін) і самая кароткая ноч. Дзень летняга сонцастаяння продкі беларусаў здаўна адзначалі святам Купалля. У чэрвені асноўны занятак селяніна - нарыхтоўка сена. Людзі прыкмячалі: калі ў першы і другі дзень чэрвеня лье дождж - увесь месяц будзе сухі.

Назва месяца "ліпень" паходзіць ад слова "ліпа" - дрэва цвіце менавіта ў гэтую пару. Ліпень дорыць чалавеку спелыя лясныя і садовыя ягады, першыя грыбы. У ноч з 6 на 7 ліпеня (па новым стылі) святкавалася Купалле- вельмі старажытнае абрадавае свята сонца і агню, божастваў урадлівасці і росквіту зямлі. Яно пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрапейскім народам. Свята прымяркоўвалася да летняга сонцастаяння. У паданнях расказвалася, што ў купальскую ноч расліны размаўляюць паміж сабой, дрэвы пераходзяць з месца на месца, а рэкі свецяцца прывідным святлом. Пашыранай на купальскім свяце была варажба. Дзяўчаты і хлопцы загадвалі, што чакае іх у будучым. Купальскія вераванні і легенды ў Беларусі адлюстроўвалі міфалагічны бок светапогляду старажытнага чалавека. Многія з іх сведчаць аб паэтычным успрыняцці ім свету.

Сучасная беларуская назва восьмага месяца-года - жнівень, таксама як і старабеларуская "серпень", адлюстроўвае прыродныя асаблівасці пары. Дарэчы, назва "серпень" (ад слова "серп") захавалася ў украінцаў, чэхаў, палякаў. У многіх заходнееўрапейскіх мовах, а таксама ў рускай ужываецца назва месяца "август" (па імені рымскага імператара Аўгуста). У пачатку месяца заканчваецца ўборка азімых, затым убіраюцца пшаніца, ячмень, авёс і інш. Спраўлялася адно са свят хлеба-трэці Спас. У старажытнай Беларусі шмат дзе спраўлялі Дажынкі - свята канца жніва. Канец жніва і змена надвор'я адлюстраваны ў прыказках: "Трэці Спас хлеба прыпас", "Кожная хата ў жніўні багата".

Беларуская назва месяца "верасень" паходзіць ад слова "верас" - расліны, якая цвіце ў канцы лета і пачатку восені. 22 верасня сонца праходзіць праз пункт асенняга раўнадзёнства, даўжыня дня і ночы становіцца аднолькавая. Настае так званае бабіна лета - пачатак жаночых сельскагаспадарчых работ. Пачыналіся сялянскія вяселлі, спяваліся песні. Адзначалася Узвіжанне (звіжанне) - свята "закрывання" зямлі на зіму. У назіранні над прыродай значная доля адводзілася птушкам, якія забіралі з сабой лета ("Узвіжанне лета замыкае, ключык шызая галачка за мора панесла").

Кастрычнік - дзесяты месяц года. Стараславянская яго назва "лістапад", у ўкраінцаў - "жовтень". Беларуская назва месяца паходзіць ад слова "кастрыца" (кастра): у гэты час сяляне часалі, трапалі лён і каноплі, з якіх ападала шмат кастры.

Асноўнае свята ў кастрычніку - Пакровы. Сяляне стараліся закончыць палявыя работы, падрыхтавацца да зімы. Пакровы заўсёды чакалі, бо тады было менш работы. Наступала пара асенніх вяселляў. У народзе казалі "Пакрова - дзеўка гатова. Пакрова прайшла - дзеўка замуж не пайшла".

Назва месяца "лістапад" тлумачыцца проста: канец ападання лісця з дрэў. У старажытнасці апошні месяц восені меў старабеларускую назву "грудзень" (ад слова "груды" ў значэнні "замёрзлая зямля"). У пачатку лістапада адлятаюць апошнія чароды качак, дрэвы стаяць ужо без лісця. Вёска на нейкі час вызваляецца ад сельскагаспадарчых работ.

Дзяўчаты збіраліся на вячоркі, для чаго наймалі сабе хату на ўсю восень і зіму, да вясны ў якой-небудзь удавы або ў беднай сям'і. Усе пралі кудзелю і шчыра спявалі. Прыходзілі і хлопцы, каб паглядзець на дзяўчат, паслухаць іх спевы. На працягу зімы дзяўчаты наладжвалі тры-чатыры вечарыны, для чаго запрашалі музыкаў. Вячоркі былі распаўсюджаны ва ўсіх усходніх славян яшчэ з часоў ранняга сярэднявечча і амаль да нашага часу.

Апошні месяц каляндарнага года атрымаў назву "снежань" ад слова "снег". Старабеларускае яго найменне - "прасінець" у значэнні "прасвет у воблаках", старарускае - "студеный". У гэтым месяцы ёсць самы кароткі дзень года - 21 або 22 снежня (7-8 гадзін). У гэтую пару здаўна асноўная праца сялян пераходзіла ў хату. Доўгімі зімовымі вечарамі ў хаце гарэла лучына, звычайна ў асобным месцы на лучніку. Жанчыны браліся ткаць кроены. Мужчыны знаходзілі занятак, які быў звязаны з дробным рамяством.

У сялян з даўніх часоў быў добра развіты прагноз надвор'я, прадказанне надвор'я будучай вясны па зімовых прыкметах. Народныя веды замацоўваліся ў трапных прыказках і прымаўках: "Снежань зіму пачынае, а год канчае", "Мароз у снежні і снег вышэй хаты - будзе год тады багаты".

У апошнія дні года заканчваўся тэрмін службы ў гаспадара. Ён мусіў шукаць новых работнікаў. Слугі прасілі разлік і ішлі на святы.

Залежнасць жыцця і працы селяніна ад прыродных стыхій вымушала яго выконваць разнастайныя абрады, прымеркаваныя да пэўных падзей, строга рэгламентаваныя часам. Адпаведна чатыром парам года існавалі чатыры вялікія святы, вакол якіх групаваліся іншыя. У сваю чаргу асноўныя святы прыблізна накладваліся на астранамічныя перыяды, якія былі звязаны з сонцастаяннем ці раўнадзенствам. Увесь земляробчы каляндар трымаецца на цыклах: зімой - Каляды, вясной - Вялікдзень, летам - Купалле, некаторыя іншыя святы, восенню - Дзяды, Пакровы.

Такім чынам, беларускі народны каляндар з'яўляецца адной з форм духоўнага жыцця беларусаў. Доўгія стагоддзі паэтычная творчасць народа бытавала толькі ў вуснай форме, перадаючыся з пакалення ў пакаленне. Сістэма свят, абрадаў, гульняў, што замацаваны ў побыце і народнай творчасці беларусаў, была арыенцірам пры выкананні сельскагаспадарчых работ і адпачынкаў у гадавым, сезонным, мясцовым цыклах.

Хрысціянства аказвала значнае ўздзеянне на каляндарныя абрады. У абрадавыя заклінанні, песні ўвайшлі імёны Хрыста, Багародзіцы, іншых святых. Адбываўся складаны сплаў дахрысціянскіх і хрысціянскіх элементаў. Да XIX ст., калі абрады сталі прадметам навуковага даследавання, многія з іх былі моцна трансфармаваны, страчаны ці захаваліся як рудыменты. У шэрагу выпадкаў яны ўспрымаюцца як святочнае забаўленне, якое ўключыла новыя элементы іульні і песні.

Г.Штыхаў, крыніца: "Гісторыя Беларусі: У 6 т. Т.. 1. Старажытная Беларусь: Ад першапачатковага засялення да сярэдзіны XIII ст./Рэдкал.: М.Касцюк (гал. рэд.) і інш.-Мінск: Экаперспектыва, 2007.-351 с; іл."

[1] Беларускі народны каляндар / Аўтар-укладальнік Алесь Лозка. Мн., 1993. С. 9-10.
[2] Беларускі народны каляндар. С. 23.
[3] Ліцьвінка В. Святы і абрады беларусаў. Мн., 1998. С. 57.